epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Наша энцыклапедыя (Петрусю Броўку)

Не, такога яшчэ мы не ведалі!

Гэта свята без пышных прамоў:

Беларуская энцыклапедыя,

Радасць першых вішнёвых тамоў.

 

Тут усё: наша праца, гісторыя,

Геральдычныя знакі вякоў,

І Сафія, і замак Баторыя,

І бяссмерце бальшавікоў.

 

Тут уборы, і песні, і рэкі,

Краявіды і цені зуброў;

Абеліскі, якія навекі

Здабылі нам мільёны сяброў.

 

Мы далёкія ад убоства:

Знойдзе кожны ў нядробных радках

Партызанскую маці

І бой свой

Ці героя свайго земляка.

 

Знойдзе кожны свой горад, ці вуліцу,

Ці станок,

Ці метал,

Ці матор.

Беларуская,

Ды не вузкая:

Любім мы ўсёй радзімы прастор.

 

А калі там што-небудзь прапушчана:

Мала песень, азёр, навальніц —

Прыязджайце да нашых пушчаў

І напіцеся з першакрыніц.

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан