epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Няма на свеце земляў непрыгожых..."

* * *

Няма на свеце земляў непрыгожых.

Свой кожны хваліць край,

Як мы наш родны кут.

Я бачыў землі шчасця і пакут,

Іх лёс — іх шлях

Цяпер мяне трывожыць.

 

І сенегалкі часам сняцца мне —

Жанчыны, прыгажэйшыя на свеце...

Зноў мора Мінскага

Ўдыхаю прэсны вецер

І кожнай прыдарожнай рад сасне.

 

Нядзельны гул на пляжы.

На латках

І вінаград, і яблыкі, і слівы,

І сонечныя пенныя прылівы

Дакатваюцца да майго радка.

 

Гудкі мне параходныя чутны,

Павольна дзьмуць мясцовыя пасаты,

А на латку ў цяльняшках паласатых

Ляжаць, нібы матросы, кавуны.

 

Шляхі марскія ўспамінаць не грэх...

Ды што з прыбоем —

Не магу я ўцяміць:

Ён выплеснуў на бераг негрыцянак,

Іх станы гнуткія і белазубы смех.

 

— Адкуль вы, афрыканачкі,

З Дакара?

— Мы з Кубы ўсе,

У Мінску трэці год...

Найлепшая з усіх маіх прыгод

Вясёлай адплаціла сёння карай.

 

Прыхільны лёс да розных дзівакоў,

Ён адарае нас не толькі снамі...

І пралятаюць чайкі па-над намі

Кавалачкамі цёплых аблакоў.

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан