epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Няўдачнік

Казалі, што старанны,

Ды так сабе паэт...

А ён глядзеў шторання,

Нібы дзіця, на свет.

 

Ваеннага рахіту

Нядужае дзіця,

Няздатны і не хітры

Між хітрага жыцця.

 

Нясмелы быў з начальствам,

Зусім не прабіўны.

Над кнігамі начамі

Праседжваў, дурны,

 

Часамі чуў: «няўдачнік»,

А дачай пагарджаў.

І кожны сыты дачнік

З дурнога аж іржаў.

 

Аднойчы ноччу жонкі

Ў кватэры не знайшоў...

Сам гатаваў тушонку,

Сам па кефір ішоў.

 

А тая за дацэнтам

Пышнела ды цвіла,

З пагардлівым акцэнтам

Аб «бездары» гула.

 

А ён хадзіў па вёсках

І нешта ўсё пісаў,

I бітваў адгалоскі

І праўду прыпасаў.

 

Гады чатыры біўся —

Раман пайшоў у друк.

Ад зайздрасці напіўся

Яго найлепшы друг...

 

Яна цішком чытала

Праўдзівы горкі том,

Жыццё сваё гартала

І плакала цішком.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан