epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Нешта пройдзена..."

* * *

Нешта пройдзена,

Нешта знойдзена,

Прыгалублена,

Потым згублена.

А найлепшае не збываецца,

А найгоршае не забываецца.

 

І толькі родныя лясы

Знаходзяць нас ва ўсе часы.

І зоркі аганёк

Надзею шле здалёк

І абяцае шмат дарог,

Расчараванняў і трывог.

 

Ты толькі раз з дарогі збоч —

Паселіцца у сэрцы ноч.

Ад праўды раз адкруцішся —

Няпраўдаю атруцішся.

 

Трэ берагчы нам праўду слоў,

Як бор сваіх дзятлоў,

Як удава апошняе

Сваё дзіця...

І даражу я кожнаю

Расінкаю жыцця.

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан