epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Ноч канае ў цёмным завуголлі..."

* * *

Ноч канае ў цёмным завуголлі,

Слуп барвовы сонца устае.

І бягуць насустрач за вагонам

Сосны беларускія мае.

У купэ, дзе шмат людзей бывала,

Дзіўны сон мне сніўся ў гэту ноч:

Нібы ў доме ўсё маім прапала,

Толькі стол пусты

І нейкі нож.

 

Я з нажом даўно ўжо не дурэю,

На руцэ ад ручкі мазалі...

Што за знак той дом пусты?

Старэю...

А зрабіў так мала на зямлі.

 

Мне цяпер часцей маленства сніцца,

То лясы Бягомля,

То стагі...

Не паеду болей за граніцу:

Сэрца разарвецца ад тугі.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан