epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Ну, вось табе твой бор, твой верас..."

* * *

Ну, вось табе твой бор, твой верас,

Пах багуну з лясных балот.

І ты яшчэ наіўна верыш,

Што ў лесе ўсё, як і было:

 

Зеленаватае свячэнне,

Смаліста-ягадны настой,

Над дзеразой дымок вячэрні...

Твой бор стаіць,

І ты пастой.

 

Да дуба моўчкі прыхіліся

І паглядзі ў лясны ручай.

На дзень мінулы не маліся,

Усё спакойна прыкмячай:

 

Другія птушкі, дрэвы, травы,

Цябе не ведаюць яны.

Ідзі налева ці направа —

Не знойдзеш край сваёй вясны.

 

Цяжкая ноч твой бор накрые,

Схавае птушак у галлі...

І толькі тры сасны старыя

Цябе пазналі, загулі.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан