epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Ода пешаходу

Без дачы, без аўтамабіля

Жыццё пражыў.

І дай мне бог

Астатнія адмераць мілі

Пры дапамозе ўласных ног.

 

Ідзеш, знаёмых сустракаеш,

З табой усе турботы дня.

Жывеш, працуеш, адчуваеш,

Што землякам ты ўсім радня.

 

А што ў машыне? Мільгаценне...

Лятуць сады, дамы, гаі,

Снуюць у шкле людскія цені...

А вечны страх перад ГАІ?

 

Сустрэў знаёмых выпадкова,

Гулі гадзіну іх басы

Пра «Запарожац» нейкі новы,

Пра гаражы ды тармазы.

 

Пытаюся: ну як унукі?

Не разумеюць ні мур-мур.

Адзін другому ціснуць рукі:

І так, заклёпана. Ажур.

 

Таемнае людское шчасце:

Не спіць, худнее і дрыжыць,

За дэфіцытныя запчасткі

Гатоў ён жонку залажыць.

 

Да вандраванняў не пагасла

Мая любоў... Але цяпер

Не сяду нават на Пегаса,

Ён шмат бяды перацярпеў.

 

А лепей з моладдзю ў паходы

На рэкі, у лясы, сады.

Няхай зайздросцяць пешаходам

Аўтамабільныя зады.

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан