epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Пачатак вясны

Белай сцюжай дыхаюць Саяны,

Запакован Енісей у лёд.

На радзіме сонечнай Сар’яна

Пазбіралі пчолы першы мёд.

 

А у нас на дрэвах — срэбная луска:

Білі з хмары першыя фантаны.

Глоткі вуліц дождж прапаласкаў,

І яны рыкаюць апантана.

 

«Эх, узяўся б заўтра хоць бы лешчык»,—

Трызняць рыбакі ў суботні дзень.

І на стадыён наш брат балельшчык

Вока прымяраць ужо ідзе.

 

Паставыя са свісткамі змоўклі,

Салаўі лятуць з далечыні...

Адкажыце, колькі новых вокнаў

Дзень вясновы ў Мінску адчыніў?

 

Дзевяцьсот яму, а ён цудоўны,

Навасёлаў будзе зноў вітаць.

На жыллёва-мікра-рай-будоўлі

Гмахі ёсць — паэтаў не відаць.

 

Пішуць пра маленства ды ажыну,

Хоць сто год у горадзе жывуць.

Што ім электронныя машыны —

Лапатным гадам паклоны б’юць.

 

Я і сам хвалююся не лішне:

Што, як верш запозна прагучыць?

Нібы той акцёр, што зноўку выйшаў

Кланяцца, калі ўжо зал маўчыць.

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан