epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Паэзія

1
2


1

Абывацель гавора,

А нехта ўжо ў паніцы:

Паэты — фантазёры,

Пустазвоны і п’яніцы.

 

Паэты — эгаісты,

Да славы раўнівыя.

А як жа загаіцца

Сэрцу ранімаму?

 

Кажуць, непатрэбшчына —

Рыфмы нават геніяў.

А што рабіць з трэшчынай?

Помніце? Гейнэ.

 

А што ваша маці спявала,

Калі вас калыхала:

Дысертацыі, рэфераты?

Былі вы песеньцы рады.

 

Народ — пясняр, народ — паэт.

Народ без паэзіі? Недарэчнасць.

Паэзія — самы няўлоўны сакрэт,

Які не будзе нікім рассакрэчаны.

 

2

Паэзія — гэта пакута і радасць,

Праклён і бязлітаснасць, споведзь і гордасць,

Вогненны сцяг над барыкадай,

Цішыня травы і рыканне горада;

 

Гэта вар’яцтва і гэта мудрасць,

Розум і ачышчэнне;

Плаванне ў рэках бурлівых і мутных

І зоркі далёкай свячэнне;

 

Гэта чаканне каханай дзяўчыны

Сцюжы і здрадзе наперакор;

Гэта душы найвышэйшая шчыльнасць

І задыханне, разрэджанасць гор;

 

Гэта трывога за касманаўта

І ручаіны жаночых рук;

Чыстая, з самага донца праўда,

Сэрца дзіцячага здзіўлены стук;

 

Гэта ныранне ў прасторы марскія,

Гэта палёты ў заўтрашні век.

Гэта здабыткі і мары людскія,

Крыўды і страты твае, чалавек;

 

Цень трапяткі ад абеліска

Каля дарогі пад чорнай сасной;

Матчыны вочы над першай калыскай,

Матчыны вочы над першай труной;

 

Вера у шчасце, з няпраўдай змаганне,

Чорнае неба і сонца ў расе;

Гэта спрадвечныя нашы пытанні,

Гэта адказы, ды толькі не ўсе...

 

Вось і блукай апантаны па лесе,

Як і твой прадзед калісьці блукаў...

 

Каб жа я знаў, што такое паэзія,

Гэтыя б вершы не напісаў.

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан