epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Палеглае поле

Палі ў спякотным даспяванні

Зноў плешчуць хваляю жывой.

Вось толькі змоўкне кукаванне —

Дыхне гарачае жніво.

 

Ды раптам сонца знікла, збегла,

Дажджу б’юць шэрыя званы.

І жыта спелае палегла

Ад Прыпяці і да Дзвіны.

 

І лета ўсё па Беларусі

Вады было той цераз край.

І я аднойчы — прызнаюся —

Падумаў: згінуў ураджай.

 

Свісталі дажджавыя пугі

І секлі жыта.

А калі

Яснела —

З грукатам, з натугай

Камбайны па гразі паўзлі.

 

Рабілі і ўначы няспынна,

На ўсім ляжаў вільготны пыл.

Туды, дзе не прайшлі машыны,

Прыйшлі забытыя сярпы.

 

Вады у полі хоць заліся,

Шкада кабетам каласкоў.

Адкуль цяпер сярпы ўзяліся?

З гербоў хіба што і сцягоў.

 

Мы часта славім хлеб духмяны.

Праслаў, калі ты не аслеп,

Людскую працу, і адданасць,

І бітву грозную за хлеб:

 

Як малацілі, як здавалі,

Як кожны быў бязмежна рад...

Вось так на фронце ратавалі

Мільёны раненых салдат.

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан