epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Палёт у Сібір

Мне кожны вечар нібы развітанне

З вячэрнім сонцам, ціхаю зарой.

Як падарунак кожнае світанне,

Сустрэча з новай рэчкай і гарой...

 

Агорнута зямля дрыготкай слотай,

Вятры асінам вушы прагулі.

Асеннія начныя самалёты

Ірвуцца ў вышыню з сырой зямлі.

 

Турбіны выюць ад гарачай зморы,

І самалёт мяне на ўсход нясе.

Сібірскіх не хапала мне прастораў,

Цябе мне не хапала, Енісей.

 

Я абдымаў цябе, зямля, пад Бранскам,

Капаў пад Селігерам твой падзол,

Вось і да глыбінных рубяжоў дабраўся,

Да Мінусінска, да хакаскіх зор.

 

Якая ты бязмежная, Расія!

Тайга, і стэп, і цішыня, і гул...

Палкоў сібірскіх ведаем мы сілу,

Братоў імёны ў сэрцы берагу.

 

Шчаслівы я, што ўбачыць давялося

І Енісей, і хараство Саян,

Як там плыве ракою жоўтай восень

У цёмны і далёкі акіян.

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан