epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Пасля вандровак

Чаканне радасней здзяйснення:

І ў свята часам нудзімся.

Шуканні і перасяленні,

Мы ў вашым рытме круцімся...

 

Жыві, працуй,

А там, глядзіш,

Мясцком дасць атэстацыю —

І ты да караблёў ляціш,

Мінаючы ўсе станцыі.

 

Бадзяешся, цікавішся

І праўдаю, і казкамі...

Музеі ватыканскія,

Халупы афрыканскія.

 

Падзівішся на Нотр-Дам

І Луўрам ты насыцішся.

А лепш, калі з людзьмі і там

На добрым слове сыдзешся.

 

Адразу робіцца прасцей

Зямля з птушыным гоманам.

Пшаніца добрая расце

Пад Рымам, як пад Гомелем.

 

Сустрэнеш каля нільскіх вод

Бусла свайго палескага

І вернешся на цеплаход,

Усцешаны паездкаю...

 

Пабачыў: плаваюць кіты,

Сустрэўся з насарогамі.

А людзі ўсюды, як і ты,

З турботамі, трывогамі...

 

На моры гул і неспакой,

За хваляй хваля коціцца.

Убачыць родны бераг свой

Табе да болю хочацца...

 

Сысці на станцыі малой,

Дзе гай ды неба ціхае,

Дзе пахне сонцам і смалой

Ды птушаняты ціўкаюць,

 

Дзе глушыць колаў перастук

Палеміка сарочая,

Дзе мальвы свецяць на вярсту

З лахматых агародчыкаў.

 

Чмялі над кветкамі басяць,

Гудуць над сапяжанкаю.

— Ну што, нагойсаўся, басяк,

Спаткаўся з парыжанкамі?

Праўленне.

Тэлефон звініць,

Удакладняе графікі.

— Адкуль?

І хочацца зманіць,

Ды буркнеш ціха:

— З Афрыкі...

 

Круглеюць вочы друга...

— Што ж,

А мне дык хоць бы выспацца...

Кароткатэрміновы дождж

На пыл дарожны сыплецца.

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан