epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Паўвека... Гэта шмат — паўвека..."

* * *

Паўвека... Гэта шмат — паўвека.

Сплылі, змялелі сотні рэк.

І ўжо адно тваё павека

Нібы закрылася навек.

 

Ты аднавокі, аднаногі

І аднарукі, небарак;

І задуменныя дарогі

Чакаюць іншых у барах...

 

Пляткарце, мілыя, пляткарце,

Што нехта ў крук мяне сагнуў.

А я улёгся на плацкарце

І правадніцы падміргнуў.

 

Эх, правадніца, правадніца,

Люблю я твой вандроўны дом.

Хачу з табою парадніцца,

Зрабіцца паўправадніком.

 

Каб ад паглядаў чалавечых

І загарацца, і гарэць;

І хоць далёка, хоць пад вечар,

Што не сустрэў яшчэ, сустрэць.

 

Каб па людскім дарожным сходзе

Патрэбным гэтым людзям быць

І ведаць, дзе каму сыходзіць,

Якія станцыі любіць.

 

І каб на той, на канчатковай,

І не пазней, і не раней

Сысці не ў табар Канчаковы,

А ў свет бяроз, што ўсіх радней.

1972


1967?

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан