epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Пазарасталі ўсе траншэі..."

* * *

Пазарасталі ўсе траншэі,

У іншай эры мы жывём.

А ніткі дружбы ўсё танчэюць,

Мы часта самі іх ірвём.

 

У кожнага свае турботы,

І ясны дзень, і хмурны дзень.

У кожнага свае згрызоты,

І быт, і лад, і ход падзей.

 

Адзін на дачы прымасціўся,

Яго ўсе думкі пра сябе.

Другі прапіўся, апусціўся,

Удачы рэдкія скубе.

 

І не цікавяцца табою,

І не цікавяць больш яны.

І з раўнадушнаю журбою

Стаяць ля нейчае труны...

 

Трывожна сэрцу ды і горка:

Гады сяброўства раздзяўблі.

Аб дружбе ж, помніцца, гаворку

У сырых траншэях мы вялі.

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан