epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Пажыць да дна — і кропка, годзе..."

* * *

Пажыць да дна — і кропка, годзе.

У чым жа справа?

Усё запознена прыходзіць:

Набытак, слава.

 

Той славы з макавае зерне,

На грош набытку.

А маладосць ужо не вернеш,

Хіба што ў сшытку,

 

Дзе ты пракладваеш сцежкі

Зноў у былое.

А на цябе глядзіць з насмешкай

Жыццё жывое.

 

А што яму да успамінаў,

Да спавяданняў,

Што праляцелі недзе міма

Спадзяванні.

 

Ты добра жыў.

Чаго смуткуеш?

Не вер жэньшэню.

Жыццё працуе і святкуе

І моладзь жэніць.

 

Ляціць яно па зорных трасах

І зырка свеціць.

Мы не прыгодны ў суддзі часу:

Яго мы дзеці.

 

Рук не шкадуючы, рабілі,

Жылі як людзі.

І не прасі, каб не забылі,

Лепш без ілюзій.

 

Глядзі без зайздрасці, як дораць

Дзяўчатам кветкі.

Спраў маладым няма да гора...

Ты сам быў гэткі.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан