epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Печаная бульба

Пазносіў я многа ламачча,

Вячэрні касцёр хоць куды!

Сусед мой, як рыцар з Ламанчы,

Наіўны, высокі, худы.

 

Агонь разгараецца буйна,

Забудзем трывогу і боль,

Частуйцеся печанай бульбай,

Вось добрая шэрая соль.

 

Ноч іскры маўкліва глытае.

А мы то маўчым,

То услых

Гаруем, што моладзь не тая,

Што шмат гультаёў маладых;

 

Што зніклі руплівасць, стараннасць

І гордасць за працу сваю.

Прыемны ім чад рэстаранны,

Там скачуць, і п’юць, і пяюць.

 

А мы іх адзелі, абулі,

Так-сяк, але вывелі ў свет...

Частуйцеся печанай бульбай,

Мой добры сумленны сусед.

 

Пярэчыць мне:

«Не характэрна!

Патрэбен бацькоўскі давер.

Вось вырашым крызіс кватэрны,

І знікне уласніцкі сверб.

 

Для моладзі патрэбна лекцый,

Патрэбна іх сэрцы працяць».

А лекцыі тыя улегцы

Фурманкай пустой тарахцяць...

 

У пекле акопным, у брудзе,

На вогненнай перадавой

Адважныя чыстыя людзі

Дзяцей засланілі сабой.

 

А гэтых мы самі расцілі,

Ёсць БАМ і была цаліна.

І ўсё-такі іх не хрысціла

Агнём і крывёю вайна...

 

Трывогу глыбока затоіш...

Пра што наша моладзь пяе?

Пра тое ж,

Пра тое ж,

Пра тое ж,

Што спаць маладым не дае.

 

І слухаць ім сумна пытанні,

Што мучаць салдатаў старых.

І хлопцы бягуць на спатканні

Да смелых сябровак сваіх...

 

А час па-ранейшаму бурны,

Ад войнаў уздрыгвае свет...

Частуйцеся печанай бульбай,

Негаваркі мой сусед.

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан