epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Песня (Да радыёпастаноўкі па раману І. Мележа «Мінскі напрамак»)

Імчацца машыны па дымнай старонцы,

І сонца браню залаціць.

І сэрца маё па дарозе бясконцай

Да роднага Мінска ляціць.

 

Жыла там на ціхай Нямізе дзяўчына.

Прыйшоў, а яе не знайшоў...

Ты страціла самых адважных, Айчына,

І дочак сваіх, і сыноў.

 

Дзяўчаты і хлопцы ў абдымках гарачых,

Нам заўтра на захад, у бой.

А я на руінах сумую і плачу.

Аб ёй, аб нявесце маёй.

 

Здалёку прыходзіла ты, дарагая,

У сны франтавыя мае...

Я смерці не веру,

Кахаў і кахаю

Журботныя вочы твае.

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан