epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Пра сонца i месяц

Рэдка сонца з месяцам страчаюцца.

Свецяць паасобку.

Дзень і ноч.

Ды яны, раўніўцы,

І спрачаюцца

З-за цябе, зямля, даўным-даўно.

 

Абяцанкі, клятвы

Месяц любіць надта,

Сее ў цемры сны

То страшныя, то лёгкія;

Шэпча нешта астраномам, касманаўтам

Пра сузор’і,

Пра галактыкі далёкія.

 

Пасвяціў і знік.

Пакінуў холад рос,

Туманоў няўпэўненую дымку,

Успамінаў трохі пра абдымкі

Ды чарніц у кожны лес натрос...

 

А узыдзе сонца —

Крылы качак

На рацэ пакратае,

Затым

У калысках валаскі дзіцячыя

Паказыча пальцам залатым.

 

І праз лісце паліецца санцападам,

Кветкі і плады

Напоўніць мёдам шчодра,

Густа сыпане суніц на ляды,

Пагасцюе у калодзежах і вёдрах.

 

А як светам восень завалодае,

Сонца ўсё пакрые

Цёплай пазалотаю.

Нават лужыны — кавалачкі блакіту —

Клапатліва будуць ім прыкрыты

Залатымі донцамі,

Кляновымі сонцамі.

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан