epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Просценькая песня

Была Аксана пекнай,

Прыгожаю такой:

Хадзілі хлопцы ў пекла

За ёю талакой.

 

Скажы — разваляць хату,

Скажы — паставяць зруб.

Чарнявы, зухаваты

Быў ёй хлапчына люб.

 

А што ты нарабіла,

Шалёная краса!

Ля хаты на рабіне

Пасохла ўся раса.

 

Жыць выпала ёй з іншым —

Нядрэнным, ды не тым.

І вусны ўжо не вішні,

І косы — шэры дым.

 

Завяла, пастарэла,

Не хочацца старэць.

А шчасця не сустрэла,

Што думала сустрэць.

 

Не ведае Аксана,

Каб з тым яна жыла,

Журылася б таксама,

Што шчасця не знайшла.

 

Не пахне болей мята,

З рабін сышла раса.

Ва ўсім тут вінавата

Прапаўшая краса.

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан