epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Простыя ісціны

Мы ўсе аматары амністый,

І патуранняў, і спагад.

Няма складаней простых ісцін,

Што «пройдзеш свет, але назад...».

 

Я свет няпраўдай не праходзіў,

Быў часам тлум у галаве —

То бузіна расце ў гародзе,

То дзядзька ў Кіеве жыве.

 

Бог зберагае беражоных —

Сівая прымаўка бабуль,

А на ражон не лезь піжонам,

І не кажы ты «гоп» пакуль...

 

І хоць не хочаш — заякочаш,

Калі, кума, ты падпіла.

Вышэй пупа, брат, не падскочыш,

Хоць з’еш вала — адна хвала.

 

І хай ты будзеш вельмі сыты

І на патэльні тук падскроб,

А ўсё-ткі і вала з’ясі ты

І нечакана скажаш «гоп».

 

Так век жыві і век вучыся,

Не плюй у студню... Гэта так...

Як доктар, сам лепш палячыся

І на ўсе рукі будзь мастак.

 

Час нашы беды перамеліць,

Сыны цыбатыя растуць,

Яны і самі зразумеюць

Складаных ісцін прастату.

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан