epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Прыязджаюць людзі у горад..."

* * *

Прыязджаюць людзі у горад,

Пасівелыя людзі.

Ходзяць,

Прыпыняюцца, уздыхаюць

І з трывогаю нешта шукаюць,

Але не знаходзяць

Аніводнай прыкметы знаёмай:

Ні вежы, ні дрэва,

Ні плошчы, ні дома...

І толькі ноччу, цёмнай і горкай,

Паглядзяць на высокія зоркі —

І пазнаюць,

І зразумеюць,

Што гэта іх родны горад,

Незнаёмы

Пасля перажытага гора,

З мільёнам новых прыкмет

Для іншых.

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан