epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Прырода на дзіва праўдзіва..."

* * *

Прырода на дзіва праўдзіва —

Ці вые, ці хмельна пяе.

На свет нас яна нарадзіла,

А мы забіваем яе.

 

То шротам, то вострай пілою,

То труцім, то палім жыўцом...

Планету мы так прапалолі:

Патомкі заплацяць жыццём.

 

Альбо выпрамляем машынай

Рачулкі, што любяць пятляць.

І сохне цяністы ляшчыннік,

І мяккія сцежкі пыляць.

 

Прырода на дзіва праўдзіва...

І толькі скрані валуны —

Калоссе зашэпча пра дзіва,

Пачнуць хвалявацца ільны.

 

І толькі збяры ўсё каменне

З тваёй неўрадлівай зямлі —

І сам ты замрэш у здзіўленні:

Як дзякуюць шчодра палі!

 

Накормяць цябе і напояць,

Бо ты нарабіўся за трох...

Пясчанае роднае поле

І крушні ля белых дарог.

 

Цяжкое ліпнёвае голле

Пад пылам схілілася ніц.

З трывогай сачу за Бягомлем:

Ідуць табуны навальніц.

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан