epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Прысніўся сон...

Навошта ты прысніўся, Глебка, мне,

Ні то ў зары, ні то ў сцягах чырвоных?

Жылі з табой мы на зямлі чароўнай,

І ты раптоўна знік, нібыта ў сне...

Прамоўца і застольны чараўнік,

У снежанскай маўклівасці ты знік.

 

І мне зіму страчаць усё цяжэй,

Гадзіннікі ўсе цікаюць цішэй —

Тут не памогуць лекі і замовы.

Відаць, і я памру у час зімовы.

І падыбае мала хто за мною,

За жалкай абалонкаю зямною.

 

Навошта ім дыбаць, трэ пра жывое дбаць,

І раны ў кожнага свае, і ўсе баляць,

Адным гарэць, а іншым дагараць,

Адным рабіць, астатнім — зарабляць...

І дзе мяжа паміж «было» і «ёсць»,

І дзе ты — гаспадар, а дзе ты — госць?

 

Успомніце, таварышы-сябры,

Нікога не штурхаў я пад абрыў,

Не мыліў шыю і галоў не брыў,

Ганебныя даносы не кляпаў,

Магілы я нікому не капаў

І з неба вашых зорак не хапаў.

 

Бываў часамі рэзкі, часам грубы.

Смылелі, як абвугленыя, губы,

Калі я ў некім бачыў подлы фальш,

А чмут віно каўтаў ды налягаў на фарш.

Як шчыра хлусіць, аж перажагнецца!

Глядзіш — ізноў уверх махляр праб’ецца.

 

Калісьці Гоя маляваў ляніўцаў.

Яму я не раўня.

А пра зласліўцаў

I плеткароў не хочацца пісаць:

Ім сняцца грошы, пышната пасад.

Ліслівыя смаўжы, яны бываюць лютымі,

Задушаць ці апырскаюць атрутаю.

 

І так да скону муцяць, круцяць-верцяць...

Пра што цяпер ім марыць?

Пра бяссмерце.

Гатовыя на ўсё: шумець высокім клёнам

Ці дубам векавечным і зялёным

Не выйдзе клёнам — выб’юцца травой

Ці помнікам —

Табе, нашчадак мой,

Ківаць пачнуць глінянай галавой.

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан