epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Раўнапраўе дрэў

Пара падумаць пра раўнапраўе дрэў.

Даволі падглядваць,

Як горнецца тонкая рабіна

Да самаўпэўненага дуба.

Не кляніцеся ў каханні

Да белай бярозы:

Вы даўно ёй здрадзілі,

Нож у белыя грудзі ўсадзілі,

Каб толькі напіцца

Яе свежай вясновай крыві.

І гэтага вам было мала.

Вы перарэзалі ёй сухажылле,

Кінулі ў прагную печ,

Каб яе апошнім гарачым дыханнем

Пагрэць свой стары раматус...

І так, я пра раўнапраўе дрэў!

Слава табе, вольха!

Ты самая мужная і адданая

Захавальніца нашых рэчак

І заступніца сарамлівых дзяўчат.

Асіна, мая асінка!

Я больш не дазволю нікому

Удавіцца на тваім суку —

Няхай разбіваецца

На раўнадушнай машыне.

А тваё ласкавае лісце

З ціхім журчаннем

Будзе пералівацца

У горлы птушак...

Хвала і вам,

Цярплівыя таполі!

Хай рукі адсохнуць у тых,

Хто бязлітасна вас высякае.

Ім боязна пуху твайго лебядзінага,

Ім боязна паху твайго салаўінага,

Яны баяцца тваёй красы.

Ім падабаюцца толькі слупы

На пустых бальшаках

Ды часам кактусы.

1969


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан