epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Рэкі не вяртаюцца, як кажуць..."

* * *

Рэкі не вяртаюцца, як кажуць,

Медзякі старыя не блішчаць...

Захацелася ізноў салдацкай кашы,

Франтавога добрага баршча.

 

Захацелася ізноў той непагоды

І сухога брацкага пайка...

Глінаю запэцканы, ды горды,

У рэдакцыю вярнуўся я з палка.

 

І сябры мяне сустрэлі ветла:

Два гады мы разам на вайне.

Сам маёр з біклагі запаветнай —

Хоць скупы — наліў паўшклянкі мне.

 

Закушу...

А там на пні сасновым —

Мой блакнот ды шолах вецярка.

Я ўначы праз дрот — за словам слова —

З хлопцамі пайду па «языка».

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан