epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Рэлігіі прыдумалі старыя..."

* * *

Рэлігіі прыдумалі старыя

У цемрадзі дагістарычных пор.

Баяліся: дачасна іх зарыюць

Суседзі згаладалыя з пячор.

Я не магу ўявіць тых краявідаў,

Пачуцці дзікіх продкаў зразумець,

Калі з’явіўся першы чорны ідал

І стаў гразіць:

Пакора альбо смерць.

Зрабіўся хітрым,

Пакарыў народы

І запалохаў маладую плоць.

У тых дзядоў

Быў свой маральны кодэкс:

На маладых накінулі аброць.

Страшней за ўсё непаслухмянасць юных,

Як набяруцца сілы —

Усё сажруць,

На бараду сівую гнеўна плюнуць

І баб найпрыгажэйшых адбяруць.

Пайшлі багі крывавыя лясамі,

Прыйшлі ў наш век

Праз тысячу вякоў...

Старыя бога вынайшлі

І самі

Паверылі са страхам у багоў.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан