epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Роздум

Карыбскія піраты

Уцяклі ў Панамскі порт.

Японскі імператар

Вітаў сусветны спорт.

 

І ныюць усязнайкі

У горадзе маім:

Ад Явы да Ямайкі

Усё вядома ім.

 

Лімоны і бананы —

Занадта ўжо банальна,

І кофтачкі з нейлону —

Для іх ужо шаблонна.

 

Прывыклі да маштабаў:

То форум, то кангрэс...

А ў нас цвітуць каштаны,

І вішні, і агрэст.

 

І ракатанне бору,

І сонца над ліствой,

І Нарачы прыбоі —

Якое хараство!

 

Пакуль там касманаўты

Рыхтуюць новы цуд,

Б’е на Палессі нафта,—

Ад радасці танцуй!

 

А гэтыя не бачаць:

На цуд ім напляваць,

Віхлява твісты скачуць

І джынсамі фарсяць...

 

Не вохайце, не ахайце.

Каго паэт уцяў?

Мы ўсе стаім на вахце

Вялікага жыцця.

 

Таварышы парторгі,

Бацькі і песняры,

Ці не зашмат без толку

Сядзім мы да зары?

 

Ці тыя кажам словы,

Ці ўсё знайшлі яны

У нас, каго сурова

Вучылі дні вайны?

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан