epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Рускаму брату

Луг да лугу,

клён да клёна,

гай да гаю —

То зялёнае суседства дзвюх рэспублік.

Ты ў сэрцы ў нас, Расія дарагая,

След сыноў тваіх у памяці не згублен.

 

Замяніла востры боль туга тупая,

Не забыць, як узрывалі мы масты.

З рускім братам праз лясы мы адступалі,

Адступалі мы з баямі да Масквы.

 

Пасівелі ад бяды і пылу каскі...

Помніш, на ускраіне сяла

Беларуска з ціхім плачам: «Калі ласка» —

Малака гладыш нам падала.

 

І цябе сынком яна назвала,

Ну а мне стаў родным рускі дом.

Нас адным снарадам забівала,

Руская жанчына бінтавала

У санбаце нас адным бінтом...

 

З той пары радні у нас багата

Крэўнай, партызанскай, франтавой.

Слава вам, адважныя салдаты,

Што ў абдымку з беларускай спяць зямлёй!

 

Беларусь нікога не забыла,

Мёртвых і жывых сваіх салдат.

Вырас каля кожнае магілы

Светлы дом ці яблыневы сад.

 

І цяпер на нашым добрым свяце

Зноў абдымкі, слёзы і сцягі.

Запрашаюць людзі ў кожнай хаце:

«Калі ласка, брат наш дарагі!»

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан