epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Салодкі лубін

Ад Оршы да Смаргоні

Палеткі зацвілі.

На ўсю зямлю гармонікі

Каханне прывялі.

 

Дзяўчаты нашы любяць

Ладоў задумны ўсхліп.

Цвіце салодкі лубін.

Ля прыдарожных ліп.

 

Пад зорныя навесы

На ростані шляхоў

Спяшаюцца нявесты

Да сціплых жаніхоў.

 

Жаніх, ён сціплы, сціплы,

Ды можа забуяць,

Нібы мядзведзь той, сцісне,

Аж грудкі забаляць.

 

Ах, шэпат той шалёны,

Стары людскі сакрэт...

Спрадвечныя шаблоны,

Адзіныя шаблоны,

Што ўсім даруе свет.

 

А небакрай памечаны

Зарой.

Пара ісці.

І кофтачка скамечана...

— Пусці мяне, пусці!

 

Яму цяжэй ці ёй цяжэй?

Ды ў дом, стаіўшы дух,

Дзяўчына ўпырхнула

Цішэй

За галубіны пух.

 

І цешыцца паўночніца:

Матуля моцна спіць...

А той заплакаць хочацца,

Што вылеціць памочніца

І больш не прыляціць.

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан