epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Самападман — такі занятак..."

* * *

Самападман — такі занятак,

Што ён жыве ўжо шмат вякоў...

Мы перабольшваем занадта

Свае нянавісць і любоў;

 

Свае імкненні, дружбу, шчодрасць,

Свае бадзёрасць і тугу;

І светласць нечую, і чорнасць,

І цішыню, і грозны гул.

 

Свет, ён пявучы і хрыпучы,

Ён і брудней, ён і святлей.

І смех маіх малых унучак

Бывае мне за ўсё важней.

 

Спазнаў, гадамі перацёрты,

Шыццё — работа, не парад;

Яно прыцісне — і пяцёрцы,

Кавалку хлеба будзеш рад.

 

І недарэмна мне ён сніўся,

Той некрыклівы чалавек,

Што раўнадушна не прабег,

Каля бяды маёй спыніўся.

 

Я не зарыўся, не схаваўся,

А проста збег ад мітусні.

Я ад абстракцый адцураўся,

Ад непатрэбнай балбатні.

 

Бясконцых спрэчак недарэчнасць...

Лепш да людскіх, звычайных спраў,

Каб ажыла ізноў спрадвечнасць

Вады і хлеба, дрэў і траў.

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан