epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Сармацкае кадзіла

Адспявалі трубы залатыя,

Лета захлынулася ў расе.

Кветкі ў лесе ёсць,

Але не тыя:

Да Чырвонай кнігі збеглі ўсе.

 

Дзе ты, кураслеп лясны?

Дзе ворлік?

Дзе мядзведжая цыбуля - чарамша?

Ходзіш, ходзіш —

I пяршыць у горле...

Плач, асірацелая душа.

 

А калісь было ўсяго надзіва!

Як збяднеў у нас зялёны свет.

Дзе знайсці сармацкае кадзіла,

Сон-траву, і меч-траву, і познацвет.

 

Вінаваты ў гэтым не сарматы,

Вінаваты ўсе мы — ты і я:

Каб адчуць сцюдзёны водар мяты,

За сто вёрст ляціць мая сям’я.

 

Душна ад жалезнага прагрэсу:

Дружна падразаем жылы лесу,

Траў і кветак топчам карані,

Ад зялёнай адракаемся радні.

 

Што ты плачаш па траве і кветках?

Адрадзілі ж мы зуброў, баброў...

Ну, а чорны бусел? Вельмі рэдкі,

А заўсёды быў з людскіх сяброў.

 

Многа ліха — ды усюды ціха.

А зямля дакуль будзе цярпець?

А нашчадкам нашым

Чым жа дыхаць? —

Мы ўжо задыхаемся цяпер.

 

Трэба нам і захады і меры,

Каб між светлых беларускіх рос

Зноў расцвіў чаравічок венерын

I званочак сіні ў лесе рос.

 


1986

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка, Пімен Емельянавіч. Выбраныя творы : [вершы : для старэйшага школьнага ўзросту] / Пімен Панчанка. - Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. - 237, [1] с. - ( Школьная бібліятэка). 84(4Беи)
Крыніца: скан