epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Сэрца і крыж

Жыў доктар у нашай мясціне.

Няма ўжо такіх дактароў:

Паставіць ён банькі ці п’яўкі —

І заўтра ты жыў і здароў.

Дарадчык, суддзя, павітуха,

Мужыцкі сівы кастапраў,

Ён ведаў душу кожнай хаты,

Сакрэты ўсіх кветак і траў.

Не быў прагавіты на срэбра

І жыў беднавата, дзівак.

Дзе іншы урваў бы чырвонец,

Ён браў сарамліва пятак.

Бурчаў ён на гразь, забабоны,

Ды вельмі тут не пакрычыш:

Няўроды, пажары... А сохі

Ламаюцца аб карчы.

На п’яніц вясковых сварыўся,

З галечай людской не мірыўся,

А там пастарэў, занядужаў,

Ад працы бяссоннай змарыўся.

Пастукала смерць да старога...

А доктар, раней чым сканаць,

Паспеў запаветнае слова

Мужчынам старэйшым сказаць:

«Ля вёскі мяне пахавайце,

На горцы, дзе белы бярэзнік;

Пастаўце мне крыж на магіле

Высокі-высокі, жалезны...»

Памёр без пакут ён, і людзі

Маўкліва схіліліся ў горы.

Прыйшла на хаўтуры ўся воласць,

І плакалі бабы уголас:

«Бывай, наш вялікі заступнік,

Ты быў справядлівы і чэсны...»

Сяло на магіле яго

Паставіла крыж высачэзны.

І дзіва! З вясны той журботнай

Пажары у вёсцы звяліся,

Хоць грукаў пярун і маланкі

Ляцелі з падвоблачнай высі.

Пра цуд разышліся легенды,

І мала хто знаў у народзе,

Што крыж навальнічныя беды

Ад стрэх саламяных адводзіў;

Што мёртвае сэрца

Людзей, як жывое, любіла,

Агонь на сябе выклікала,

Маланкі ў магілу лавіла.

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан