epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Скажы мне адно толькі слоўца..."

* * *

Скажы мне адно толькі слоўца,

Адно славечка,

І я застануся з табой не на вечар —

Навечна.

 

Але не скажаш:

Яно для другіх,

А мне — толькі даўняе рэха.

Пара забываць пра іх, дарагіх,

Адводзіць вочы ад грэху.

 

Няпраўда, што ўсё з гадамі праходзіць,

Прыглухне, прыціхне.

Закружыць у новай цябе прыгодзе

І сэрца прыцісне...

 

Ды застаецца заўсёды на свеце

Недасягальнае нешта:

І горад, які табе не пасвеціць,

І востраў, які мінеш ты.

 

Павінна застацца кніжка адна

Цудоўная — непрачытанай.

Яе прачытае твая радня —

Больш маладая, плячыстая.

 

І будуць іншыя моцна любіць,

І сцежкі твае назавуць сваімі...

Сыходзяць сівыя мужчыны ў нябыт

І шэпчуць чыёсьці імя.

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан