epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Слова пра Мінск

Я помню франтавыя гарады,

Я помню вас, паселішчы сляпыя.

У памяці маёй сірэны выюць,

Як вылі ў тыя цёмныя гады.

Нічым нас не застрашыць, не здзівіць:

Здаецца, з намі ўсё ужо бывала.

І грозны гул ваеннага абвала

У сне нас хоча часам раздавіць.

Ты стаў ізноў відушчым, горад мой!

І нам не сорам Мінскам пахваліцца.

Ды хочацца часамі нахіліцца

Над скруткам старажытнасці сівой.

А з даўніны нічога не чуваць —

Вайна спаліла помнікі і кнігі,

І берагоў няма на берагах Нямігі,

І Мінск стары ўжо нельга і пазнаць.

Хацеў я, каб і Мінск Градчаны меў

І бронзу палкаводцаў ганарыстых,

І нейкім замкам спакушаў турыстаў...

Ды ён другою славай прагрымеў.

Дык што, падлічым, дасталося нам?

Імя сталіцы, нараджэння дата,

Падполля слава з кроўю напалам

Ды каракумы попелу ў дадатак.

Ты — горад мой і быццам бы не мой:

Усё ў табе нязвычнае і новае,

І рокат завадскі тваёю стаў асноваю,

І пахнеш ты жалезам і сасной.

Ад плошчаў да лісточка на вярбе

Мы зноў цябе стварылі, родны горад,

І рукатворным цёмна-сінім морам

Завабілі мы чаек да сябе.

Мы дзецям горад свой перададзім,

Свой дом, свой дождж і месца на заводзе...

А хочацца звязаць усе стагоддзі

У сноп адзін.

Бо Мінск у нас адзін.

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан