epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Шумяць планавікі і прагназісты..."

* * *

Шумяць планавікі і прагназісты,

Жыццё будуюць мудра ў галаве.

А час імчыцца

З грукатам і свістам,

Прагнозы часам

На хаду ірве.

 

Ён зменлівы, наш час,

Такі гарачы!

Не слухае драздоў,

Не ходзіць па расе.

Над чым смяяліся —

Над тым сягоння плачуць,

Над чым мы плакалі —

Смяюцца ледзь не ўсе...

 

Вучыцеся лічыць!

Пры чым тут росы?

Інакшы тэмп,

Інакшы песняў тон.

Паміж зямлёю

І нагою босай —

Метал і гума,

Пласцік і бетон...

 

Усе плануюць:

Так і гэтак будзе,

Не за гарамі поўны росквіт наш.

Мы верым.

Толькі ёсць такія людзі,

Што думаюць інакш,

Ды і жывуць інакш.

 

З жыццём народа

Не шукаюць злітнасці,

Ім цэласнасці нашай не стае.

І псеўданавуковай

Шмат злітнасці,

І многа ўяўнай працы

На стале.

 

Я не заву

Дзве змены запар выстаяць.

Устурбаваны чэрствасцю,

Пішу

Пра тых,

Што набылі душу дваістую,

Прыстасаванцаў

Коўзкую душу.

 

Пішу пра тых я,

Што сумленне страцілі

І спачуванне людзям

Назаўжды;

Забылі,

Што бацькі калісьці радзілі

Ім пасля той

Ваеннай злыбяды.

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан