epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Сумленне

Зноў плявузгаюць: «Кепска будзе.

Час няўстойлівы і благі...»

Хлусяць не багі, а людзі,

Крывадушнічаюць не багі.

 

І мяшчанскае гэта вар’яцтва

Горкім пылам вісіць над табой.

Паспрабуем не прытварацца:

«Што ты зробіш»,—

А рынемся ў бой.

 

Мы на чулых людзей багаты,

Злосці б трохі да чуласці той!

Часта гады і тарбахваты

Карыстаюцца дабратой.

 

Праўда веку!

Зрабі нас дужымі,

Рабства знішчыць дапамажы:

Рабства жонкі і рабства мужа,

Рабства дачаў і аўтамашын;

 

Рабства чаркі, паперкі, блату,

Біркі званняў і крэслы чынуш.

Мы плацілі вялікую плату

За шчаслівы наш дзень.

Дык чаму ж

 

З-за каня, з-за палена без гневу

Удава б’е паклоны царку?

Сярод белага дня нейкі невук

Старажытную нішчыць царкву?

 

Век наш любіць дакладнасць і мужнасць.

Будзь праўдзівы, бо ты камуніст.

Вось хапуга. Вось хам. Вось двурушнік.

Канцылярскі арол. Кар’ерыст.

 

Мяне мучаць сумленне і памяць

Аб загінуўшых.

Што ж, рызыкнём

Біць хлусню без чарговых кампаній

У другіх і ў сабе. І з агнём.

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан