epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Суседка

Кавалачак скарынкі

Засунеш за шчаку,

З суседчынай дзяўчынкай

Імчышся на раку.

 

Пад вейкамі — азерцы,

Пачатак першых мук.

І коле рэўнасць сэрца:

«А дзе Янук?»

 

Луг свеціцца ад зорак —

Вясёлая раса.

Вымай хутчэй сцізорык,

Вудзільна выразай.

 

Тут акуні і плоткі

І ціхая лаза.

Аеру сок салодкі

На халадку ляза.

 

І хочацца дзяўчынцы

На памяць падарыць

Расінку на травінцы,

Агарачак зары...

 

Пяць год рыпелі весніцы,

А сэрцу ўсё цяжэй...

Хадзі ка мне, равесніца,

Бліжэй, бліжэй...

 

І што са мною сталася!

Ад гэтых вачанят

Мне і цяпер, у сталасці,

Ніяк не ачуняць.

 

Усё баліць, не гоіцца

Той самы першы боль,

І успаміны гоняцца

Усюды за табой.

 

І ўсё наскрозь прасвечана

Да дна, да дна.

І ўсім жыццё засведчана,

Што ты была адна.

 

Хоць зноў бяжы да веснічкаў

Шапчы: «Адтай, адтай!

І шчасця хоць давесачак

Аддай, аддай...»

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан