epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"То ў надзеях, то ў скрусе..."

* * *

То ў надзеях, то ў скрусе

Безаглядна жывеш.

Нібы конь той, па крузе

Ўсё ідзеш і ідзеш.

 

Іншы раз ірванешся —

Па гаючы глыток

Паляціш.

Спадзяешся:

Будзе новы віток.

 

Спадзяешся і верыш,

Што наперадзе ёсць

І паэзіі неруш,

І сама маладосць.

 

Мы штодня сабе хлусім...

Ну, а ісціна дзе ж?

Нібы конь той, па крузе

Ўсё ідзеш і ідзеш.

 

Дні імчацца імкліва,

Не шкадуючы сіл,

За апошні маўклівы

Свой зямны небасхіл.

 

Я не веру у цуды,

І туга не грызе...

Я развеяны ўсюды

Па шматку, па слязе.

 

На дарозе суровай

Недзе там, за табой,

І ласкавыя словы,

І пякучы мой боль.

 

Было шчасця не многа.

Больш агонь ды бяда...

Не шкада мне нічога?

Усяго мне шкада.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан