epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Творчасць

З паэзіяй мне развітацца пара,

Пакуль не зрабіўся сапраўдным вар’ятам.

Прыгожа, дасціпна... І ўсё ж — мішура...

Лятуць на падлогу усе варыянты.

 

А словам дакладным не трэба прыкрас,

Сапраўдным пачуццям не трэба аздобы.

Паэзія мучыць бязлітасна нас.

Даволі!

І я выбіраюся з дому.

 

Іду, як заўсёды, ў купалаўскі сад,

Падняўшы каўнер і насунуўшы кепку.

А ў садзе шуміць залаты лістапад...

Шапчу я: Іван Дамінікавіч, кепска...

 

Працуем, а нас не чытаюць амаль,

Жартуем, а людзям чамусьці не смешна...

Спакойны і мудры, глядзіць ён удаль,

Усё перад ім: гэты сад і бязмежнасць.

 

Крычаў і маліўся, стагнаў і спяваў,

Каб кроў мужыка не лілася на росы;

Ён сонца выворваў,

З магілы ўставаў,

Каб толькі убачыць у шчасці народ свой.

 

Я жорстка ўпікаю самога сябе

І тых, што не страцілі гонар і сорам.

І так, аб будоўлі... І так, аб сяўбе...

А мы тут пры чым?

Мы бясконца гаворым...

 

Стаіць ля Карэлічаў жыта сцяной,

Шыпшына цвіце каля Мірскага замка,

Да брацкай магілы ідзе партызанка...

Я зноў на вайне.

Я падбіты вайной.

 

Успомніў ізноўку сырыя лясы,

І Ловаць, і Полу, і тыя балоты,

Шчаціну на шчоках

І гразь на пілотках,

Сержантаў ахрыплыя галасы.

 

І грукат, і стогны, і пыл, і туман,

І той пад Бягомлем глыбокі калодзеж,

Дзе кідалі немцы жывых партызан...

І зноўку нянавісцю сэрца калоціць.

 

Ля брацкіх магіл трэ спыняцца часцей,

Чытаць надмагільныя надпісы моўчкі.

У сэрцах людскіх залатыя замочкі

Тады адамкнём, калі станем чысцей.

 

Хай хітрая слава мяне абміне,

Жыццё не пакіне трывожыць і вабіць.

А нехта ссылае у старасць мяне,

Імкнецца мой гнеў да мяшчанства аслабіць.

 

Не здамся!

Бяссоннаю працай спалю

Сябе, ды ад праўды я не адступлюся.

І словам я сцверджу усё, што люблю

У народзе сваім і ў сваёй Беларусі.

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан