epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

У Белавежы

На пушчу нацэлены

З розных бакоў фотавочы,

Ласі ды алені

Красуюцца перад табой.

А дзік не ахвочы здымацца,

І зубр не ахвочы,

Адзін — у гушчар,

А другі можа рынуцца ў бой.

 

І так недарэчы

У гэтых лясах непацёртых

І рогат турыстаў,

І бляск тых прылад рэпарцёрскіх,

Што хочацца пушчы

Зялёныя вочы заплюшчыць,

Каб тлуму эпохі не бачыць,

А быць толькі пушчай...

 

І зубр белавежскі

Прыжмурыў журботнае вока,

І вуха трывожна наставіў,

І чмыхнуў зласней.

Імкнецца успомніць

Аб нечым далёкім-далёкім,

Ды, так і не ўспомніўшы, знікне

І каля зуброўны засне.

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан