epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

У Польшчы

У каго рана большая —

У таго і боль большы.

Песня старадаўняя

Енчыць у вушах.

Езджу па Польшчы,

Хаджу па Польшчы —

І захлынаецца

Гаркотай душа.

 

Тут кожны касцёл —

Як вогненны стог,

І я баюся, Польшча,

Наступіць на твае сляды,

На твой крык,

На твой стогн,

Варушыць горкі попел

Тваёй бяды.

 

У вас, як і ў нас,—

Каля кожнай дарогі магілы...

А Вісла ўсю копаць глынула,

А памяць не змыла,

У мора занесла

І стогны, і пыл ад віхураў...

Спявае Варшава,

Спявае Зялёная Гура.

 

Не знаю, каму

Прашаптаў я:

Хвала вам і слава!

І болей ні слова

Пра гора, пра раны старыя...

Бо я закахаўся

Ў цябе, маладая Варшава,

І ў песні пра Віслу,

І ў пані Радовіч Марылю.

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан