epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"У «Спідале» равела..."

* * *

У «Спідале» равела.

Рыкала і раўло.

Хацелася Равеля

Паслухаць «Балеро».

Прыглушаны, аднекуль

Прытупаў ён здалёк,

Чыгунны поступ веку,

Жыцця вярблюджы крок.

 

І не заглушаць бітлы

Іспанскі той напеў:

У ім зародак бітвы

І нераскуты гнеў,

 

Бясконцыя прасторы

І вечны, вечны рух,

Далёкі голас гора,

І сіла дужых рук,

 

І гордае каханне,

Агонь і маразы,

Пустыні калыханне,

А ў далях — міражы.

 

Нідзе няма прывалу,

А бубны б’юць: «Хутчэй!»

І небасхілу мала,

І сонца ўсё ярчэй.

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан