epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

«У акенца тваё...»

У акенца тваё

Я пастукаў зязюльчыным ранкам

Пасля салаўінага вечара

І перапёлчынай ночы.

Вока тваё, як зорка,

Бліснула з-за фіранкі:

Хто там?

Хто ты?

І чаго ты хочаш?

 

Я мог бы выдумаць,

Што я славуты наватар,

Цаліны пакарыцель

Ці майстра футбола.

Але быў салаўіны вечар,

І прытварацца не варта.

Стаю, які ёсць,

Перапоўнены радасным болем.

 

Мажліва, я цір,

Куды кожны

Можа забегчы і выстраліць

Куляй насмешкі

Ці шротам грубасці.

Я магу даць здачы

І ў дадатак выстраіць

Перад табою ўсе воблакі

Ад вялікай любасці.

 

Мажліва, гара я,

Што нярэдка горбіцца

Ад адзіноты і смутку.

Пра гэта здагадваюцца

Вельмі і вельмі нямногія.

Я хачу цябе вывесці

З-за гэтых акенцаў мутных

І светлым ручаем

Абмыць твае ногі.

 

Мае адбіткі ты знойдзеш

На акіянскай хвалі

І ў налітым вадою

Следзе ад капыта.

А сёння я ў вачах тваіх,

Што сто год мяне хвалявалі,

Хачу пасяліцца

І ні пра што, ні пра што не пытаць.

 

Ды толькі не магіла,

Не, не магіла я;

Вянкі з жалобнымі стужкамі

На мне не ляжаць.

Нават калі прагоніш,

Я цябе не пахаваю, мілая,

Толькі зоркі і травы

Ад крыўды глухой задрыжаць.

 

І больш ты не ўбачыш ніколі

Маёй прыгорбленай постаці.

Вось і ўсё.

Адказвай.

Не бойся: я не ўтаплюся ў стопцы...

Ты соладка пазяхнула,

Аж хруснулі маладыя костачкі.

- Гэта занадта.

Для мяне хапіла б і добрага хлопца.

 

1958

 


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая