epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

У гасцях

Дажджавое памяло

Жоўтых лісцяў Намяло.

Я іду па шумным лісці

У знаёмае сяло.

 

Пахне восень бульбаю,

Кмінам і цыбуляю,

Перагрэтай лебядой,

Мутнаватаю вадой.

 

Сёння лазня паліцца,

Буду доўга парыцца...

 

У сяброў былых замашкі —

Дома сэрца выбаліць.

«Кум, падкінь у печ паўражкі,

Каб нуду ўсю выпарыць».

 

Тут у парнасці імглістай

Дыскусійны тарарам:

Трэба меней футбалістам,

Трэба болей пастухам.

 

Што за ўсё смачней таранкі,

Ды яны у космасе...

Потым хвошчамся старанна

З прадзедаўскай коснасцю.

 

Толькі гэта ўсё прадмова,

Уверцюра шэрая

Перад дзіўнай, адмысловай

Святочнай вячэраю.

 

Тут і з чаркай і без п’янкі

Гаспадыніна краса —

Халадзец і вантрабянка,

Паляндвіца, каўбаса,

 

Агуркі крамяныя,

Шлапакі румяныя.

Паглядзіш на рыжыкі —

Аж у сэрцы дрыжыкі.

 

Слава людзям,

Слава полю,

Аддаю усю хвалу

Беларускаму застоллю,

Беларускаму сталу!

 

Дай жа бог табе, радня,

Залатога працадня.

 

Некалі надарыцца,

Зноў прыйду папарыцца.

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан