epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

У магазіне

Ідзе вясёлы продаж.

Сам выбірай, бяры

Садоў і агародаў

Духмяныя дары.

 

Сябе хваліла лета

І верасня-суседа,

Ад паху тут званілі

Пчаліныя званы.

 

Капуста, памідоры

І сопкай бульбы горы,

А кут запаланілі

Цяжкія кавуны.

 

Цыбуляй залацела,

Грыбамі на шнурочку,

Са слоікаў глядзела

Зялёным агурочкам;

 

Арэхамі звінела

І пахла часнаком

І яблыкамі спелымі

З бурштынавым бачком...

 

Машыны ўсё падвозяць

Мядовы пах густы.

Прыйшла ў наш горад восень

На лапках залатых.

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан