epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"У садзе ўсё лісце апала..."

* * *

У садзе ўсё лісце апала,

Адзін толькі дуб не пажоўк.

На плечы цяжкія Купалы

Ўжо сеецца першы сняжок.

 

Любімы паэт Беларусі,

Высока народ вас узнёс.

Я шчыра кажу: ганаруся,

Што ў гэтай старонцы я рос —

 

Не лепшай, не горшай — адзінай

З яе ракатаннем бароў,

З яе яснатой лебядзінай,

Адкрытай для верных сяброў.

 

Пад вечар, калі пацішэе,

Я ўсё раскажу вам ізноў,

Як колас на нівах цяжэе

За Оршай ля вашых Ляўкоў.

 

Як моладзь ізноў прывучаюць

Зямлю даглядаць і любіць.

Камбайнам па жоўтых прычалах

Забытымі болей не быць.

 

Бо хлеб здабываецца цяжка,

Яму самы нізкі паклон,

Бо хлеб і ў бязважкасці важкі,

Ракеты ўздымае і ён...

 

Прабілася сонца.

Яснее.

Наш горад у белай красе.

Да вас пад’язджае вяселле,

Вам кветкі нявеста нясе.

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан