epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"У зязюлі мне пытацца сорам..."

* * *

У зязюлі мне пытацца сорам,

Колькі год яшчэ я пражыву...

Сто гадоў у радасці і горы

Жыў я, не схіліўшы галаву.

 

Даваенных і пасляваенных...

Пасярод — гула, раўла вайна.

Навучыла горда і сумленна

Жыць да перамогі нас яна.

 

Выпаў мне тады білет шчаслівы,

Значыць, лёс памнож на тры разы...

Пасадзіў я яблыні і слівы,

Шмат зялёнай пахкай драбязы.

 

Не сабе,

А на зямлі братэрскай,

Дзе сяброў маіх узвод ляжыць...

Я гляджу на ўсё з высокай меркай

Той вайны.

І гэтак буду жыць.

 

І адно на сэрцы турбаванне,

Каб гарачай ядзернай пургой

Не змяло зязюлі кукаванне

І жыццё дзяцей зямлі маёй.

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан