epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Ускраіны

Яблычны, бэзавы пах ускраін...

Учэпісты і працавіты народ

Яго і каралі,

І дакаралі,

І везлі вёскі яму свой мёд.

 

Прытулак студэнтаў неўладкаваных,

Гарачыя печы,

Салодкі чад.

Рай гандлярак

І рай закаханых,

Запаведнік ружоватварых дзяўчат...

 

Ускраіны прачынаюцца рана

Пад цёплым бокам

Завадскіх карпусоў.

А потым прыходзяць

Цыбатыя краны,

Прынюхваюцца да маленькіх садоў.

 

А там

І пазяхнуць не паспееш,

Не паспее сляза

Скаціцца з павек,

Цябе ўжо чакае

Высокі паверх.

Хоць сонца

Садок твой пакінуты спеліць.

 

З мінулым

Ірвуцца спрадвечныя ніткі,

Сціраецца ціхі і звычны след.

Сумуе жанчына над газавай пліткай:

Дзе той сад?

І дзе той сусед?

 

Ускраіны поўняцца

Грукатам, гулам,

Горад высунуўся

За небакрай.

Жыццё старонку перагарнула,

І знік навекі драўляны рай.

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан