epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Вячэрні цягнік

Вочы абганяюць сэрца,

Сэрца абганяе думку,

Думку нараджае цішыня...

 

Можа, ўсё як-небудзь утрасецца,

Нібы рэчы у паходным клумку,—

Спадзяюся я на схіле дня.

 

Бо калі няма цябе — пустэча.

І чаканне — рэшта немалая

З голасу твайго, што недзе знік.

 

Вось таму так прагну я сустрэчы.

На пероне кожны дзень чакаю

Я цябе, вячэрні мой цягнік.

 

Можа, ты, вячэрні мой, нічога

Мне не прынясеш.

Я зразумею,

Ды змірыцца з гэтым не гатоў.

 

Можа, не сустрэну я нікога,

Можа, ад вагонаў і павее

Толькі пахам жнівеньскіх садоў.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан