epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Вецер грукнуў форткай..."

* * *

Вецер грукнуў форткай.

Прабудзіся.

Пачалося восені выццё.

Калі можаш абысціся —

Абыдзіся

Без жабрацкай скаргі на жыццё.

 

Што з таго, што ў нечым ты раскаешся,

Спавядальна ў грудзі патаўчэш?

Ад сябе самога не схаваешся,

Ад сябе самога не ўцячэш.

 

Лёгка мы сабе грахі даруем,

Іншых б’ём з-за дробнае віны,

Ад малой няўдачы ўжо гаруем,

Забываем гора дзён вайны.

 

І, да блізкіх вельмі не ашчадныя,

Рэдка вымаўляем мы: «Прабач».

Веру я у слёзы ачышчальныя.

Веру ў добры дзень пасля няўдач.

 

Лістападу радуйся і снежню,

І вятрам асеннім і снягам.

І малая крыўда здасца смешнай,

І як слаўна жыць — адчуеш сам.

 

Гэта ўсё не штучная бадзёрасць,

Ісціну адну ты зразумей:

Тое, што здаецца нам будзённым,

Нібы свята, ўспомніцца пазней.

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан